Генадзь Коршунаў: Улада атрымала траўму, народ — досвед героя, які пакуль не перамог

Генадзь Коршунаў: Улада атрымала траўму, народ — досвед героя, які пакуль не перамог

Фото: Most

Беларуская дзяржава сваім народам, грамадствам адчуваецца як пагроза. А значная частка насельніцтва ўспрымае рэжым як акупацыйны. Аб гэтым сацыёлаг Генадзь Коршунаў распавёў у эфіры «Еўрарадыё», якое разам з Банкам Ідэй ладзіць цыкл передач аб тым, якой будзе Беларусь у 2030 годзе.

2020 год як працяг доўгага трэнда

Тое, што адбылося пасля 2020-га года, трэба разбіваць як мінімум на два этапы. Гэта 2020-2021 год і 2022-гі і далей, адзначыў Коршунаў. І ёсць адчуванне, што зараз будзе пачынацца расцягнуты пераход на нейкі новы этап.

«2020-ы і 2021-шы год — эта час рэвалюцыі. Я шчыра ўпэўнены, што хай не ў паліталагічным сэнсе, але гэта была рэвалюцыя, якая змяніла само асэнсаванне беларускага грамадства. Не толькі ўнутры, не толькі, як мы сябе бачым, але і як іншыя нас бачаць. Гэта таксама вельмі важна. У нас адбылося нарастанне таго, што можна назваць суб’ектнасцю. Людзі асэнсавалі сябе не проста ахвярмі, не проста пасіўнымі аб’ектамі улады. Людзі асэнсавалі сябе як тые, хто могуць хацець, могуць агучваць свае патрабаванні, і могуць іх адстойваць».

«Вядома, ужо у 2020-2021-м нас шарахнула рэпрэсіямі», — працягвае даследчык. Яны вельмі моцна выбухнулі, а потым сістэматызаваліся і выйшлі на узровень сістэмнай контррэвалюцыі. 2022 год — гэта пачатак вайны, апошні яркі выбух пратэсту, пасля якого контррэвалюцыя стала ўжо больш падобная на акупацыю. І ў каштоўнасным сэнсе адбыўся вельмі моцны зрух, адкат».

«Прадчуванне вайны актывізавала старую калектыўную траўму Вялікай Айчыннай: «Ніколі ізноў!». А ў Беларусі гэта значна больш моцная рэч, чым ў Расіі, таму што ў Беларусі насельніцтва некалькі год было натуральна пад акупацыяй. Расія акупацыю ў такім выглядзе не ведала. У іх быў тыл, подзвіг тылу, быў фронт. І з гэтага засталося: «Можем повторить!» Зразумела, што ў іх гэта яшчэ вяльмі моцна уплецена ў імперскі наратыў, да якога яшчэ дадаецца «здрада» Захада ў 90-я, як зараз гэта інтэрпрэтуецца. Быццам мы хацелі, як лепей, але нас падманулі, кінулі, а мы — вялікая краіна, асобная цывілізацыя».

У беларусаў да чакання вайны ў 2022-м дадалося яшчэ чаканне эканамічнага апакаліпсісу. Беларусам не прывыкаць жыць у эканамічным апакаліпсісе, таму што ў нас ён перманентны, працягвае эксперт, Але разам з чаканнем вайны стваралася адчуванне таго, што прыйдзе крах знаёмага жыцця, заробкаў, пенсій і гэтак далей.

Дзяржава як акупант

У 2025-м годзе, распавядае Коршунаў, уплыў вайсковага чынніка, уплыў чакання апакаліпсісу, эканамічнага, ваеннага і гэтак далей, пачынае пакрысе прытухаць. Амаль у два разы адносна красавіка 2022-го года знізілася засцярога вайны. А на першае месца выходзяць усім вядомыя эканамічныя праблемы, доволі традыцыйныя, праблемы бяспекі.

«Людзі кажуць, што вельмі добра, што на вуліцы няма крыміналу. Вельмі добра, што мы не увайшлі ў вайну. Але на гэтым пражыць доволі цяжка. Таму давайце паглядзім, што ў нас там з коштамі, якія ці то ўтрымліваюць, ці то не. Што ў нас с заробкамі і гэтак далей. Плюс у 2024-м годзе было файнае даследванне, якое высветліла, што амаль палова кажа, што ім вельмі неспокойна, але не на вуліцы, а неспакойна ад нашай дзяржавы. Дзяржава сваім грамадствам адчуваецца як пагроза. І гэта нонсэнс. У пэўным сэнсе, хаця гэта не класічнае разуменне, можна казаць, што рэжым успрымаецца, прынамсі часткай грамадства, як акупацыйны».

Самае цікавае, адзначае даследчык, што выбух 2020-га і чаканне апакаліпсісу 2022-га — гэта вельмі моцныя флуктуацыі, адна — ўверх, адна — ўніз, на вельмі працяглым трэндзе, якому больш за 30-40 гадоў.

«Гэта трэнд нарошчвання, калі тлумачыць адным словам, жадання суб’ектнасці. Калі хочаш быць не проста пасіўным такім, як Караеў казаў — «послушная нива». Вельмі добры выраз, хутчэй за ўсё, не сам прыдумаў. Але так яны бачуць грамадства і грамадзян».

«А грамадства натуральна хоча быць не быдлам, не стадам, не гэтай «нівай». Грамадства хоча быць грамадзянамі. І гэта трэнды, якія натуральна вымалёваюцца, выбудоўваюцца, яшчэ з пасляваеннага часу. Калі вельмі моцна ішла індустрыялізацыя, будаваліся заводы. Па-другое, — урбанізацыя. Былі гады, калі Мінск па тэмпах росту гарадскога насельніцтва саступаў толькі Мехіка. Неверагодныя тэмпы! Мы за гэта заплацілі якраз-такі і беларускай мовай, і частковай стратай нацыянальнай свядомасці. Але адбывалася гэта доволі някепска параўнальна, напрыклад, з тым жа Мехіка, дзе ўрбанізацыя ішла вялікімі тэмпамі, але без суправаджэння працэсамі індустрыялізацыі. То-бок у людзей не было месца працы. У нас — было, людзі ішлі на заводы, быў рост адукацыі».

Траўма народа, траўма рэжыма

Разважаючы аб тым, ці атрымаў народ Беларусі ў 2020-м годзе траўму і ці здолее ен ачуняць, Генадзь Коршунаў адзначае, што калектыўная травма — гэта тое, что змяняе нашу свядомасць і ў не вельмі добры бок.

«Мы атрымалі супер-траўматычны досвед. Гэты досвед можа стаць траўмай, калі мы будзем хадзіць і ўсім казаць, якія мы бедныя, якія мы ахвяры, як мы пацярпелі і гэтак далей. Але гэта не адзінае выйсце. Калі мы атрымалі калектыўны траўматычны досвед, мы можам на яго базе вырасці. Мы можам яго перапрацаваць і стаць мацней».

«Вось тое даследванне, якое мы вядзем чатыры гады, паказвае, што актыўная частка прынамсі прадэмакратычнай супольнасці фактычна ўся, на 100%, атрымала траўматычны досвед. Альбо фізічны, (гвалт, катаванні сябе ці сваёй сям’і, альбо бачылі гэта, альбо ведаюць пра гэта). Але мы вытрымалі. І па класіфікацыі аднаго з навукоўцаў можна казаць, што беларусы хутчэй адчуваюць сябе героямі. Нацыяй героя, які пакуль не перамог».

«У гэтым сэнсе вельмі цікава, што ёсць праца такога даследчыка, Гілада Хіршбергера, які з калегамі распрацоўваў не вельмі вядомую тэму — як адчуваюць сябе групы, які былі агрэсарамі. І ў адной з прац яны апісваюць чатыры стратэгіі. Ад «нічога не было», да «давайце перагарнем сторонку і забудзем» ці «вы самі вінаватыя». Гэта тое, што робіць рэжым. Бачна, што сваю псіхалагічную траўму, якая цалкам змяніла свядомасць, яны атрымалі. Гэта не тая траўма, што як дзіда ў бок. Але гэта траўма, якая змяніла свядомасць».

Читайте Plan B. в Telegram, Facebook и Twitter (X)

Нравится
5
Супер
1
Смешно
0
Удивительно
0
Грустно
0
Злюсь
0
Мы используем файлы cookie, чтоб вам было удобно и безопасно пользоваться нашим сайтом, а также для улучшения его работы.
Политика конфиденциальности
Я принимаю