Святлана Панкавец прыехала ў Польшчу даўно і спачатку хацела стаць навукоўцам — нават абараніла доктарскую працу па хіміі. А потым расчаравалася ў навуковым асяроддзі і адкрыла ў Гданьску свой уласны салон прыгажосці Vegan Beauty. Яго асаблівасць у тым, што майстры выкарыстоўваюць толькі веганскую касметыку. Што гэта за касметыка і чаму бізнес аказаўся лепш за навуку — Святлана расказала ў інтэрв’ю Plan B.
— У Польшчы я жыву ўжо 16 гадоў: у 2007 годзе прыехала сюды вучыцца ва ўніверсітэце па праграме Каліноўскага. Перад гэтым я ў Беларусі патрапіла на суткі, але нейкім цудам здолела здаць практыку і скончыць медыцынскі каледж. КДБэшнікі мне тады пагражалі, што далейшае навучанне ў Беларусі будзе немагчымым, вось я і паехала ў Польшчу.
Хацела працягваць вучыцца медыцыне, але гэты кірунак нельга было выбраць. Прыйшлося ісці на ахову навакольнага асяроддзя. Гэта мне было найбольш блізка па духу пасля медыцыны, бо таксама звязана са здароўем чалавека.
Скончыла бакалаўрыят, потым магістратуру, потым доўга пісала доктарскую і працавала ва ўніверсітэце. Хацелася зрабіць нешта добрае для людзей: я гадавала ўзбагачаныя солямі літыя шампіньёны, а потым даследавала іх ўздзеянне на лячэнне біпалярнага расстройства. Ну гэта як яйкі, ўзбагачаныя селенам, ці малако, узбагачанае кальцыем. Тэсты паказалі, што пры біпалярным такія грыбы не эфектыўна спажываць, а вось пры розных дэпрэсіўных станах можна.
У мяне былі вельмі цікавыя даследаванні, але аказалася, што працаваць ва ўніверсітэце складана — там вельмі таксічнае асяроддзе, вядуцца нейкія паддыванныя гульні… А я ж чалавек вельмі прамы: што думаю, то і кажу. І ў нейкі момант зразумела, што наогул не хачу нічога мець звязанага з навукай, хоць вельмі шмат часу прысвяціла гэтаму.
— І таму вырашыла кінуць навуку і пайсці ў бізнес?
— Яшчэ ў магістратуры пачала займацца макіяжам — у якасці хобі. Мне вельмі падабалася браць ўдзелы ў фотасесіях, я малявала мадэляў. А яшчэ заўсёды мела вялікую любоў да пазногцяў: яны ў мяне можа з 13 гадоў ўвесь час былі памаляваныя. Карацей, рабіла манікюр спачатку сабе, потым сяброўкам, а потым і не заўважыла, як пачала зарабляць на гэтым. Неяк яно само так выйшла.
Я ўжо пісала доктарскую, трошкі падпрацоўвала ў касметычным салоне і пачала марыць пра тое, што добра было б мець і свой салон. Але каб там была толькі веганская касметыка. Для мене гэта вельмі важны аспект. Бо я сама не ўжываю мяса і купляю касметыку, якая не мае кампанентаў жывёльнага паходжання і не тэставалася на жывёлах.
У Гданьску такога салона з веганскай касметыкай не было, і я сабе думала: у навуцы не атрымалася зрабіць штосьці добрае для людзей, то можа атрымаецца які-небудзь этычны бізнес стварыць.
— Гэтую ідэю я насіла некалькі гадоў, і паціху збірала грошы. А потым мне прапанавалі паехаць папрацаваць касметолагам у Дубай — на вельмі добры заробак. Я паехала. Так у мяне атрымалася дазбіраць грошы на мой салон.
Калі вярнулася ў Гданьск, то пачала глядзець розныя памяшканні. Я адразу ведала, што хачу адкрыць вялікі салон і мець шмат супрацоўнікаў, а не працаваць адной ў маленькім кабінеце да смерці. Доўга не магла нічога знайсці — памяшканні або не падабаліся, або не пасавалі. І пачала ўжо думаць, што нічога з маёй ідэі не атрымаецца. Але потым трапіла ў гэтае памяшканне: як толькі зайшла ў дзверы, то адразу зразумела — гэта тое, што мне патрэбна.
Падпісала паперы, што бяру гэтае памяшканне, вярнулася дадому і толькі потым падумала: што ж я зрабіла? Памяшканне арандавала, а цяпер трэба неяк дзейнічаць. Але што рабіць? Я ж ніколі не вяла бізнесу.
— Прадпрымальніцкая дзейнасць ужо была зарэгістравана?
— Не! Я зняла памяшканне і толькі потым пачала ўсё рабіць — адкрываць ІП, наймаць бухгалтара. Мене вельмі пашанцавала, што тут ужо быў зроблены рамонт, і трэба было толькі паставіць мэблю, апаратуру і касметыку. Усё гэта рабіла сваімі рукамі: збірала мэблю, дзіркі ў сценах круціла. Бо грошы былі на падлік, і я не магла сабе дазволіць наняць людзей.
Але я была адна, а памяшканне вялікае, на 80 метраў. І я напісала ў Беларусь сяброўцы-касметолагу, з якой мы разам вучыліся ў медкаледжы. Як раз быў жнівень 2020 года, цяжкі час у Беларусі. Запрасіла яе ў Гданьск. Кажу, адкрыла салон, прыязджай, будзем працаваць разам. Яна спакавала рэчы ў адзін чамадан і прыехала. І ўжо праз два тыдні пасля падпісання дамовы на арэнду мы ўдваіх адкрылі гэты салон. Я рабіла пазногці, а яна працавала як касметолаг.
— Былі нейкія разлікі па працы салона?
— Нічога не было, толькі ідэя. Я больш думала не пра бізнес-план, а цікавілася касметыкай, якой я магу карыстацца ў салоне, бо прафесіянальнай этычнай і веганскай касметыкі вельмі мала.
— Колькі каштавала адкрыццё салона?
— У мяне было заначка каля 50 тысяч злотых, па тым курсе гэта трохі больш за 15 тысяч долараў. Амаль усё пайшло на адкрыццё, толькі трошкі я пакінула на тры месяцы працы. Бо было невядома, ці прыйдуць кліенты, а аплачваць падаткі, ZUS і рахункі ўсё роўна трэба. Але з першага месяца і па сёння я ніколі не працавала ў мінус. Таму гэтыя грошы і зараз ляжаць на рахунку.
— Як з’явіліся першыя кліенты ў салоне?
— У мяне быў працоўны акаунт у Instagram, таму некаторыя мае старыя кліенты ўзрадаваліся майму вяртанню ў Гданьск і прыйшлі да мяне. Ну і паколькі я адкрывала веганскі салон, то прарэкламавалася ў тэматычных суполках у Facebook.
Таксама ў першы месяц рабіла суперзніжкі, каб зацікавіць людзей зайсці, паглядзець на якасць паслуг і на нашу касметыку.
Я лічу, што менавіта дзякуючы класнай ідэі веганскага салона у мяне атрымалася з першых месяцаў працаваць у плюс.
А яшчэ праз паўгады пасля адкрыцця пачалася другая хваля кавіда, і бізнесам у Польшчы сказалі закрывацца. Тым, хто не будзе працаваць, давалі дапамогу ў 5 тысяч злотых. Але мне гэта толькі на арэнду памяшкання, а яшчэ ж трэба зарплаты выдаць, іншыя рахункі аплаціць. Я ўсю ноч думала, што рабіць, прачытала вельмі шмат прававых аспектаў пра пандэмію. І зразумела, што мы закрывацца не будзем. Я аб’явіла страйк і напісала паўсюль ў інтэрнэце, што мы не згаджаемся з закрыццём бізнесу і што гэта супраць канстытуцыі. І што мы будзем увесь час прымаць кліентаў, канечне, выконваючы нормы бяспекі.
Таксама я тады падрыхтавалася да любой праверкі: зрабіла ўсё, каб ніводны орган не змог бы да мяне не дачапіцца.
— Праверкі прыйшлі?
— Не, не прышлі.
— То бок увесь Гданьск не працаваў, а вы працавалі?
— Так. Адзінкавыя бізнесы таксама страйкавалі і не закрываліся. Вельмі шмат людзей працавала «ўчорную». А я вырашыла, што буду працаваць афіцыйна, усё прабівала праз касу.
І гэта было лепшае рашэнне для майго салону. Бо дзякуючы таму, што ўсё было закрыта, людзі прыходзілі, спрабавалі нашы паслугі, глядзелі на якасць і заставаліся з намі. І ад таго часу ў мяне графік заўсёды запоўнены кліентамі, салон пачаў хутка развівацца.
— Як ты ацэньваеш умовы вядзення бізнесу ў Польшчы? Баішся праверак і штрафаў?
— Мне падаецца, тут добрыя ўмовы для таго, каб людзі пачыналі свой бізнес. Першыя два гады ёсць ільготы па сацыяльных плацяжах. Але калі за гэты час не атрымаецца раскруціцца, то лепей бізнес закрываць. Бо потым пачынаюць душыць падаткамі, і гэта вельмі балюча.
А вось са штрафамі і праверкамі тут вельмі спакойна. Вядома, што часам ходзяць. Але да нас за тры гады толькі адзін раз прыйшла праверка наконт санітарных умоў. Аказалася, што гэта ўладальніца іншага салона іх на мяне наслала. Я хадзіла з імі, рукі трэсліся, а яны пабачылі і пачалі мяне супакойваць: не хвалюйцеся, ўсё добра, мы ж для вас працуем. І заўваг і штрафаў тады не было.
— Моцная канкурэнцыя ў Гданьску?
— Кожны знаходзіць свайго кліента. Напрыклад, у нашым будынку шэсць салонаў прыгажосці. І мы ўсе жывем вельмі добра: дзяўчыны з іншага салона прыходзяць да нас на пазногці, бо ў іх там такіх паслуг, пасылкі забіраем адзін за аднаго.
— А канкурэнцыя з боку нелегальных паслуг?
— З гэтым нічога не зробіш, трэба прыняць, што такія паслугі ёсць. Усе з чагосьці пачынаюць, і я ў тым ліку.
Але гэты «чорны» рынак прымае людзей, якія не могуць шмат заплаціць. І гэтыя кліенты да нас ніколі не прыйдуць, бо для іх нашы паслугі занадта дарагія.
Пры гэтым трэба разумець, што ў паслугах на даму няма ўпэўненасці ў тым, ці не падчэпіш якую хваробу. Бо ў мяне хоць медычная адукацыя, я ведаю пра стэрыльнасць усё і за сваіх кліентаў была спакойна. Хаця ў Польшчы і ў салонах са стэрыльнасцю па-рознаму бывае. Могуць інструменты папшыкаць спіртам — і для іх гэта ўжо стэрыльна.
— Якія стадыі развіцця прайшоў салон?
— Спачатку мы працавалі ўдваіх з сяброўкай. I я першыя паўгады гэты салон проста ненавідзела. Бо прыходзілася працаваць шэсць дзён на тыдзень па дзесяць гадзін. Гэта было вельмі цяжка.
Ну і яшчэ ж я не ведала, як функцыянуе бізнес, таму было шмат такіх рэчаў, калі аказвалася, што ты не зрабіў своечасова інструктаж працаўніку па тэхніцы бяспецы на працы і трэба шукаць, хто заднім чыслом падпіша гэтую паперку. Гэтая бюракратыя і вырашэнне розных фармальнасцяў у мяне вельмі шмат энергіі забіралі.
Праз нейкі час кліентаў стала столькі, што мы ўдваіх ужо не спраўляліся. І я ўзяла яшчэ адну дзяўчынку, якая толькі прыехала ў Гданьск — яна і па сёння працуе з намі. Так утраіх мы рабілі год, а потым я знайшла яшчэ аднаго працаўніка на пазногці. На сёння ў мяне працуе сем дзяўчын, ну і я — восьмая.
— Чым ты зараз займаешся ў салоне?
— Бухгалтара я ўзяла адразу пры адкрыцці ІП, бо калі ты яшчэ працуеш сам, то можаш разабрацца з сучаснай польскай сістэмай падаткаабкладання. А калі ёсць працаўнікі, то гэта занадта складана. Лепш заплаціць грошы добраму сумленнаму бухгалтару і спаць спакойна.
Як майстар я працавала ў салоне ўвесь час да сакавіка гэтага года. А потым у мяне была аперацыя на руцэ, і я не магла прымаць кліентаў. Гэта быў такі момант, каб праверыць, ці зможа салон функцыянаваць гэтаксама добра без мяне. На шчасце, усё атрымалася. Але мае кліенткі вельмі плакалі па мне, таму я ўжо зараз зноў працую, але вельмі мала, бо маю яшчэ праблемы з рукой.
У асноўным зараз займаюся кіраўніцтвам як менеджар, а таксама вяду сацсеткі, запускаю рэкламу.
— Які прыбытак прыносіць салон і колькі штомесяц выдаткаў?
— Я не ведаю.
— Як так?
— Розніца паміж ІП і фірмай у тым, што ўсе грошы, якія я зарабляю, адразу мае. Таму я проста выкарыстоўваю грошы кожны дзень на якія-небудзь аплаты. І мне вельмі цяжка падлічыць, колькі ж я ўсяго зарабляю, а колькі трачу.
Я разумею, што няправільна вяду бізнес, але неяк пакуль што атрымліваецца. І мне так прасцей.
Ведаю, што грошай хапае на жыццё, якое мне падабаецца. Я люблю падарожнічаць і спорт, і вельмі шмат на гэта трачу грошай. І не хачу нават лічыць, колькі.
— Калі б зараз ты адкрывала салон, то што б зрабіла па-іншаму? Можа наогул адкрыла б кавярню?
— Я думаю, што ўсё адно гэта было б звязана са здароўем чалавека і з прыгажосцю, бо гэтая тэма мне блізкая.
Але я б выбрала трошкі іншы накірунак салона. Я сама была майстрам па пазногцях, і таму адкрыла вельмі шмат працоўных месцаў для майстроў манікюра. Зараз я разумею, што на гэтым грошы не зарабляюцца, гэта толькі спосаб прыцягнуць кліента ў салон. А самыя вялікія грошы ў касметалогіі – паслугах па твары, розных працэдурах.
Таму я б пайшла больш у касметалогію. Я і зараз хачу стварыць новае месца працы для касметолага, але ў мяне для гэтага няма месца. Падалася на фінансаванне ЕС на развіццё бізнесу па рамонце майго салона, каб зарабіць яшчэ адзін кабінет для касметолага. Калі атрымаецца зрабіць, будзе вельмі цудоўна.
Яшчэ я са старту купляла б абсталяванне з самымі сучаснымі тэхналогіямі, каб прапанаваць больш шырокі спектр паслуг. І можа б ўзяла на гэта крэдыт, хаця раней прынцыпова не ўлазіла ні ў якія пазыкі, ўсё рабіла на свае грошы.
— Наогул, прыгажосць — гэта прыбытковая сфера?
— Прыбытковая. Але ёсць вельмі важнае этычнае пытанне. Зараз у сферы б’юці вялікія грошы круцяцца ў змене знешнасці — філеры, змяненне рыс твару і г.д. Я супраць такіх працэдур, бо гэта ўсё роўна адбіваецца на здароўі чалавека. Шчыра кажучы, не хочацца глядзець на гэтых дзяўчат праз 10 гадоў, калі ім ўжо дапамогуць толькі пластычныя аперацыі.
Таму ў нашым салоне няма такіх паслуг. Хаця разумею, што магла б зарабляць добрыя грошы, але этычныя погляды не дазваляюць гэтага рабіць.
— Для тых, хто толькі збіраецца працаваць у сферы прыгажосці ў Польшчы, што б ты параіла? Уладкоўвацца на працу? Ці адкрываць свой бізнес?
— Усё залежыць ад чалавека і ад яго характару. Мне цяжка на кагосьці працаваць, я з усіх сваіх прац сыходзіла, грукаючы дзвярыма.
Напэўна, добрым пачаткам будзе папрацаваць на кагосьці — каб падвучыць мову, набрацца тэрміналогіі, бо па-польску усё па-іншаму гучыць. А пасля ўжо можна пачынаць і дзейнічаць, калі ёсць імпэт.
— Можна зарабіць добрыя грошы, калі ты проста майстар?
— У пазногцях магчыма зарабіць годныя грошы для жыцця, але не больш. У найме будзе максімум 5 тысяч злотых. Калі бачыце аб’явы, дзе прапануюць вялікія заробкі за манікюр, то не верце.
А вось цырульнікі і касметолагі могуць зарабіць больш. Скажам, касметолаг без праблем можа і 8-10 тысяч злотых ў месяц зарабляць, калі ёсць свая база кліентаў. Але тут самае цяжкае — гэтую базу напрацаваць.
— А калі весці бізнес у фармаце індывідуальнай майстэрні?
— Таксама не падымешся вышэй. Так, ты быццам бы заробіш больш, але табе трэба самому заплаціць за памяшканне, падаткі, ZUS. І ў выніку будзеш мець тыя ж грошы, але атрымаеш больш праблем на сваю галаву. Магчыма, такі індывідуальны варыянт мае сэнс, калі ёсць дзеці і ты сам сабе можаш складаць любы зручны графік.
— Хто працуе ў тваім салоне? Беларусы і украінцы?
— Дзве дзяўчыны з Украіны, якія прыехалі ў Гданьск пасля пачатку вайны, чатыры дзяўчыны з Беларусі і адна полька. Полька трапіла да нас выпадкова: як студэнтка касметалогіі прыйшла да нас на практыку, мне вельмі яна спадабалася — і я прапанавала працу.
— Ёсць меркаванне, што дзяўчаты з Усходняй Еўропы робяць той жа манікюр лепш, чым полькі, немкі, амерыканкі. Гэта міф?
— Не, гэта праўда. Сусветнымі лідарамі ў сферы б’юці з’яўляюцца Беларусь, Украіна, Расія і Казахстан. Лепш за гэтыя чатыры краіны няма. Куды б мы не паехалі, мы заўсёды будзем лепшымі ў гэтай сферы, бо у нас вельмі моцная школа.
— З чым гэта звязана?
— З патрыярхатам. Бо ў нас прынята, што жанчына павінна выглядаць ідэальна: на шпільках хадзіць ў магазін за прадуктамі з поўным макіяжам. Раптам яна прыйдзе ў магазін, а там яе лёс? Таму заўсёды трэба добра выглядаць, жанчына павінна быць ідэальнай.
— А польскія працаўнікі ў салонах прыгажосці неяк па-іншаму працуюць?
— У нас усё трэба давесці да перфекцыі, таму маем вельмі моцныя школы касметалогіі і манікюру. Усё вылізваецца настолькі, што ніякага фаташопу ўжываць не трэба, усё і так выглядае ідэальна.
У Польшчы сітуацыя зараз ўжо мяняецца да лепшага. Бо прыязджае шмат добрых майстраў, польскія спецыялісты пераймаюць нашыя тэхнікі. Я таксама, напрыклад, вяду курсы па манікюру — і шмат полек да мене прыходзіць вучыцца.
— Для кліентаў салона важна, адкуль майстры?
— Канечне. Полькі, якія паспрабавалі манікюр ад дзяўчат з усходу, ужо ніколі не пойдуць да польскіх майстроў. Яны бачаць розніцу і якасць, і таму вельмі часта тэлефануюць і спачатку пытаюцца, хто будзе рабіць, і толькі потым запісваюцца.
— Эмігрантаў таксама шмат сярод кліентаў салона?
— Палова ад ўсіх кліентаў — гэта палякі: камусьці важна, што гэта веганскі салон, а камусьці падабаецца якасць паслуг. Астатнія кліенты — гэта эмігранты. Я думаю, што людзям, якія толькі што пераехалі, прасцей прыйсці туды, дзе не будзе праблем з мовай.
Дарэчы, усе звычайна кажуць пра нас: «о, беларускі салон». Хаця я ніколі сябе так не пазіцыянавала. Заўсёды падкрэслівала, што мы веганскі салон, гэта для мяне больш важна. Але калі ўжо кажуць «беларускі салон», то і добра, няхай будзе так.
— За тры гады, што ты займаешся салонам, ёсць выгаранне? Ты ж не можаш узяць і аднойчы ўсё кінуць?
— Мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. І яшчэ маю вельмі шмат розных ідэй наступных бізнесаў. Стрымлівае толькі той факт, што не маю грошай на ўсё. Але я паціху з імі працую.
— Падзялішся планамі?
— Што тычыцца гэтага салона, то калі атрымаецца атрымаць датацыі на рамонт і зрабіць яшчэ адно працоўнае месца касметолага, то я буду цалкам ім задаволена. Можна будзе пастаіць «птушачку», што ў мяне ўсё атрымалася, як я хацела. Бо першыя два гады вельмі шмат грошай, якія зарабляліся ў салоне, ўвесь час я інвеставала ў развіццё. Гэта першы год, калі я выдыхнула і магу карыстацца тым, што зарабляю — дазволіць сабе больш падарожнічаць і не працаваць.
А далей хачу стварыць сваю лінію прафесійнай веганскай касметыкі. Бо я працую з гэтым і разумею, якой касметыкі не хапае на польскім рынку.
Вядома, што адразу фабрыку я не адкрыю. Буду пачынаць з таго, што нейкая фірма па маёй формуле і пад маім брэндам будзе вырабляць касметыку на замову.
— Маштабаванне да сеткі салонаў будзе?
— Калісьці напачатку пра гэта думала. Але пакуль праца з кліентамі вельмі цяжкая, на гэтым не зарабляецца вялікіх грошай, то мае нервы даражэй — мне хопіць і аднаго салона.
Наогул, я ўвесь гэты бізнес успрымаю як гульню. Атрымаецца — добра, не атрымаецца — нешта іншае буду рабіць. А потым часам думаю: у мяне ж адказнасць за сем чалавек, я ім кожны месяц плачу заробкі, яны кожны месяц разлічваюць на гэтыя грошы, для іх гэта вельмі важна. Ну і а я такая «давай пагуляемся ў гэта, цікава, што будзе далей».
Напэўна, я не успрымаю бізнес сур’ёзна, бо ў мяне няма мэты зарабіць шмат грошай. У мяне нават кватэры няма, і я не думаю яе купляць. Я жыву сённяшнім днём, бо заўтра я магу памерці – хто ведае. І я хачу атрымліваць асалоду ад жыцця прама зараз, а не калісьці потым.