Фота прадастаўлена героем матэрыялу
Дзесяць месяцаў таму Яўген Скрабутан з жонкай адкрылі ў Варшаве беларускую кавярню «KAKAO. Białoruskie wypeki». Яе адметнасць у тым, што на фасадзе вялікімі літарамі пазначана, што гэта «kawiarnia białoruska». Як кажа сам Яўген, ва ўсёй Польшчы няма больш такога месца, дзе бы ўсё было па-беларуску і зроблена беларусамі.
Plan B. зайшоў да Яўгена на кубачак кавы і запісаў гісторыю пра тое, як адкрываць бізнес, калі ты эмігрант, і колькі можна зарабіць на каве і беларускіх выпеках.
— Досведу бізнесу менавіта ў гастраноміі ў мяне не было. Апошняе, чым я займаўся перад выездам у Варшаву, гэта турызм. У нас у Беларусі была некамерцыйная арганізацыя, мы дапамагалі палякам знаходзіць інфармацыю пра краiну, наведваць яе. Вялі старонку на Facebook і мелі шмат стасункаў з палякамі. Яны пісалі і тэлефанавалі, каб даведацца, як зрабіць візу, заехаць па безвізе, дзе ў якіх-небудзь з Касцюковічах лепш арандаваць кватэру, як набыць квіток з Баранавіч да Магілёва і г.д. Карацей, мы дапамагалі практычнымі парадамі, арганізоўвалі і прывозілі да нас турыстаў.
Пакуль не пачаўся каранавірус, гэта быў перспектыўны занятак. І Беларусь мела вялікі патэнцыял у сферы развіцця турызму. Мы спачатку кансультавалі бясплатна, а потым нават навучыліся зарабляць грошы: рабілі турыстычныя карты для палякаў з лепшымі славутасцямі, гатэлямі і кавярнямі, арганізоўвалі роварныя паездкі. Зараз ужо з цяжкасцю пра гэта ўзгадваецца. Ня верыцца, што такое было.
Але з прыходам каранавіруса гэта ўсё скончылася, а потым адбыліся выбары. І ў кастрычніку 2020 года я пераехаў у Варшаву, бо ў Беларусі мяне пачала шукаць пракуратура. Вырашыў, замест таго, каб ісці размаўляць з пракуратурай, лепш паехаць адсядзецца ў Варшаве нейкі час. Але я не планаваў, што гэта зацягнецца так надоўга. Прыехаўшы ў Варшаву, я пачаў валанцёрыць у праграме дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Паралельна працаваў.
І ў нейкі момант падумаў, што маю тут шмат знаёмых і сяброў, ёсць прадпрымальніцкі досвед, ведаю польскую мову, назбіраў трошкі грошай. Чаму б не адкрыць нейкі свой бізнес?
Спачатку хацеў адкрыць падобную фірму, у якой я працаваў: займацца продажам паслялізінгавай тэхнікі – ноўтбукаў, прынтараў, сканераў. Бо набраўся ў гэтай сферы каласальнага досведу, ведаў, як і што рабіць. Але для адкрыцця такога бізнесу патрабавалася шмат грошай і часу.
А ўсе мае дзяўчаты – жонка, сястра і сяброўкі — займаліся выпечкай. І мы падумалі, чаму б не адкрыць кавярню, у якой можна было б прадаваць тое, што мы ўмеем рабіць лепш за ўсё. Ну і на кавярню трэба было не так шмат грошай: арандуеш памяшканне, ставіш абсталяванне — і прадавай каву з булачкамі. Вось так усё і пачалося.
З самага пачатку трэба ведаць, чым хочаш займацца — у нас гэта было. І я адразу пачаў шукаць памяшканне: хацеў мець кавярню блізка ад дома, каб не ездзіць далёка на працу. Таму я праехаўся па раёне ў пошуку пустых памяшканняў. У інтэрнэце таксама глядзеў. І калі знайшоў гэтае месца, то прыязджаў сюды ў розныя часы дня, сядзеў на лаўцы і аналізаваў, колькі тут праходзіць людзей.
Побач трамвайны прыпынак, таму рух інтэнсіўны. Але я, не маючы досведу, не ўлічыў, што гэта не самае важнае. Галоўнае для кавярні, каб побач былі высокія офісныя будынкі. І тады можа не быць пастаянна заўважнага руху на вуліцы, але людзі проста будуць спускацца са 30-павярховага будынку ўніз папіць кавы.
А ў нас пераважна хутка бегаюць студэнты і людзі спяшаюцца на трамвай. Я сабе ў бізнес-план упісаў, што тут за дзень праходзіць некалькі тысяч чалавек. Але, на жаль, гэта не тыя людзі, якія п’юць каву.
Пасля таго, як мы арандавалі памяшканне, пачаўся касметычны рамонт. Гаспадар мусіў яго зрабіць, бо ўнутры ўсё было моцна папсавана папярэднімі арандатарамі. А мы сталі думаць, дзе ўзяць кавамашыну, шукаць халадзільнік і г.д.
Экспрэс для заваркі кавы мы ўзялі ў арэнду. Плацім за яго нейкія капейкі, але на ўмовах, што набываем каву ў гэтага пастаўшчыка і робім ім рэкламу. І гэта вельмі выгадна. Калі б я набываў кавамашыну за грошы, то аддаў бы кошт трохгадовага запасу кавы. А так за тыя ж грошы мы маем і машыну, і каву, і сэрвіс.
Астатняе абсталяванне набывалі або новае, або ўжыванае — глядзелі, што будзе больш выгадна. Бо, скажам, калі ўжываная лядоўня прадаецца за 1000 злотых, а новая за 1500, бывае больш выгадна ўзяць новую «на фактуру» — без падатку на дадатковую вартасць цана атрымацца амаль як за ўжываную, і ёсць гарантыя.
Шмат у чым нам дапамаглі сябры, знаёмыя, землякі. Палякі, якія фанаты Беларусі, нам зрабілі мэблю з вельмі вялікай зніжкай. І зараз, калі нехта пытаецца, дзе ўзяць мэблю, мы, канечне, рэкамендуем іх. Не дамаўляліся на гэта, але ў знак удзячнасці робім. Наогул, было вельмі прыемна, што людзі, з якімі мы разам не адзін метр каўбасы з’елі, вельмі дапамаглі ў тым, каб паўстала нашая кавярня.
Наогул, у нашым выпадку ўсё адбывалася вельмі спантанна: увечары мы прыдумалі, што зробім кавярню, і ўжо за тыдзень знайшлі памяшканне.
Галоўная мая памылка была ў тым, што я быў самаўпэўнены і хацеў усё зрабіць сам. Але зараз разумею, што варта было заплаціць грошы людзям, якія ўмеюць рабіць нешта лепш за цябе. Што я маю на ўвазе: у Польшчы ёсць спецыяльныя фірмы, якія адкрываюць кавярні. Яны рыхтуюць дакументы, складаюць усе неабходныя праекты. І яны могуць адкрыць кавярню за месяц, а я гэта рабіў чатыры месяцы. Столькі прайшло ад моманту рэгістрацыі фірмы да продажу першай кавы. І гэтыя месяцы мы плацілі арэнду памяшкання. Умоўна кажучы, маглі заплаціць адзін раз 5 тысяч злотых спецыялісту, а плацілі амаль столькі ж штомесяц за арэнду.
А яшчэ можна было паспрабаваць дамовіцца з гаспадаром памяшкання, каб на час рамонту мы плацілі нейкія мінімальныя грошы за арэнду. А мы падпісалі дамову арэнды — і гаспадар расслабіўся: замест двух тыдняў рамонт цягнуўся 1,5 месяцы.
Але затое ў мяне ёсць досвед, шмат кантактаў, я ведаю, хто з пастаўшчыкоў кавы і абсталявання дае лепшыя ўмовы і г.д. І зараз я кансультую знаёмых і сяброў, якія таксама хочуць адкрыць сабе кавярні.
Усяго за чатыры месяцы мы ўклалі 50 тысяч злотых. Гэта на той момант было каля 10 тысяч еўра. Але іх трэба было не адразу выдаткаваць, а паступова — на тэхніку, на мэблю, на арэнду. Дзесяць тысяч злотых мы пазычылі ў банку, астатняе ўклалі сваё. Але гэта такая сума, якой можна рызыкнуць. І нават калі б усё пайшло не так, мы б не шкадавалі, што паспрабавалі. Але ў нас ўсё атрымалася.
Сёння я разумею, што можна стартаваць і з меншай сумы — сэканоміць і па часе, і па арэндзе. Думаю, хапіла б і 20 тысяч злотых, каб адкрыць такую ж кавярню.
Але б на сёння я б шукаў большае памяшканне, каб людзі не толькі навынас каву куплялі, а маглі пасядзець за столікамі і размаўляць не са мной, а паміж сабой. А я толькі хадзіў бы і падліваў каву ці гарбату.
Я займаюся ў цэлым арганізацыяй таго, каб кавярня функцыянавала, і продажам кавы. Таксама на мне закупкі (хаця ўжо зараз ёсць дзяўчына, якая дапамагае з гэтым). Вядзем табліцы таго, што скончылася і што трэба дакупіць. У нашых аб’ёмах гэта пакуль не складана.
Некалькі дзяўчат для нас робяць выпечку: адна робіць арэшкі са згушчонкай, другая прафітролі і дэсерты, трэцяя – макаруны, чацвёртая – трубачкі са згушчонкай, пятая – пірагі, шостая – тарты на замову. Гэта ўсё беларускі. Кожная з іх на працягу доўгага часу займалася прасоўваннем свайго прадукту праз інтэрнэт. А мы змаглі іх аб’яднаць і пачаць супрацоўнічаць.
Бо спачатку гэта ўсё рабілі жонка і сястра. Падаецца, што там такога спячы піражок і прадаць яго. Але калі ты маеш кавярню, то гэта ўжо не адзін піражок, працэс павінен быць рэгулярным. Няма ўжо такога, што сёння кепскі настрой і я не буду пячы. Таму мы прыцягнулі да супрацоўніцтва нашых сяброў. Гэта дае магчымасць не працаваць у шалёным рытме, не выпякаць цэлымі начамі пірагі. І нават калі адна дзяўчына чагосьці ня зможа спячы, то другая даставіць свой прадукт.
Бухгалтэрыю ў нас вядзе фірма на аутсорсінгу за невялікія грошы, інстаграмам займаецца дзяўчына, якая ў гэтым разбіраецца. Напачатку я сам вёў старонку, і жонка гэта рабіла. Але потым зразумелі, што ў кавярні я павінен прадаваць і падтрымліваць кантакт з кліентам, а не сядзець у тэлефоне. І палічылі, што выгадней наняць чалавека.
Таксама мы ў кавярні робім ксеракопіі і раздрукоўкі. Бо калі яшчэ тут ішоў рамонт, то стаяў прынтар і я сабе нейкія дакументы друкаваў. Перыядычна заходзілі людзі, каб спытацца, што тут будзе, і адна цётка ўбачыла, што ёсць друкарка. Ну і папрасіла зрабіць копію рэцэпта. На заўтра прыйшла яе суседка, потым сяброўка. Пасля другія людзі сталі хадзіць і сказалі, што давай мы будзем плаціць за друк.
Я дадаў код PKD ў сваю дзейнасць і пачаў друкаваць ужо за грошы. Насамрэч, за вуглом ёсць большая друкарня, з іншага боку ёсць пункт ксеракопіі, але там чэргі. А ў нас пакуль няма, таму жыхары суседніх дамоў заходзяць. І гэта прыносіць грошы. За першыя тры месяцы друкарка акупілася. Хаця я разумею, што калі будзе стаяць чарга па каву, то мы гэтую друкарку адсунем на задні план. Гэта пакуль часовая дзейнасць.
Мы з першага месяца ўжо працуем ў плюс і акупаем свае выдаткі. Але так атрымліваецца, што за ўвесь час працы мы не вярнулі тыя грошы, што ўклалі. Бо прыбытак трацім на развіццё: то крэсла дадатковае ці лядоўню трэба набыць, то летнюю тэрасу арганізаваць, то кліматызацыю паставіць, то кветкі пасадзіць. Таму, здавалася б, адкрыў кавярню — і сядзі зарабляй грошы. Але па факце нічога не адкладваецца, нават дзіву даешся, чаму так адбываецца. Напэўна, гэта натуральны працэс, бо нельга сядзець на адным месцы, трэба пастаянна развіваць бізнес.
Вось хадзіла да нас бабуля і ўсё казала: «Жэнік, зрабі мне столік на вуліцы, бо я люблю піць каву і курыць». І мы зрабілі — яна зараз ходзіць да нас і ведае, што гэта мы для яе паставілі, што яна першая прыдумала. І бабуля сама каву п’е, і запрашае сваіх знаёмых. Зрабіць тыя столікі на вуліцы нам каштавала грошай — трэба было за праект заплаціць, за арэнду паркінга, за набыццё кветак і г.д. І я з аднаго боку ня ведаю, ці вернуцца тыя грошы, але з іншага боку — мы сталі больш заўважнымі з вуліцы, больш людзей да нас заходзіць.
Мы працуем у старым раёне Варшавы, і тут шмат кавярняў і рэстарацый. Не так, як ў цэнтры, але таксама хапае. Але мы стараемся: прадаем не абы-якую каву, а тую, што нам сапраўды падабаецца. Мы не праводзім эксперыментаў з нейкімі крафтавымі гатункамі, гатуем класічную італьянскую каву з прадказальным смакам. І робім гэта паводле рэцэптураў пастаўшчыкоў, не эканомім, стараемся рабіць так, каб наша кава мела аднолькавы смак — як ў Кіеве, Рыме, так і ў Варшаве. Ну і ў нас цэны трошкі ніжэй: прынялі такое рашэнне, бо мы ўсё ж такі толькі вучымся. Моцна не дэмпінгуем, але і не дзярэм цэны, як гэта робяць сеткавыя кавярні.
І людзям гэта падабаецца, многія зразумелі, што лепш прайсці шэсць лішніх хвілін, чым стаяць ў чарзе ў нейкую сеткавую кавярню і пераплачваць там грошы. Усё больш і больш кліентаў прыходзяць да нас, бо ведаюць, што ў нас лакальны сямейны бізнес і мы стараемся ўсё рабіць добра.
Цяжка сказаць, колькі мы атрымліваем чыстага даходу ў месяц. Але калі адкінуць усе выдаткі, то мне хапае грошай, каб заплаціць за арэнду кватэры, на ежу і на жыццё — гэта тысяч пяць злотых. А яшчэ мы плацім адзін мінімальны заробак (каля 3 тысяч злотых) чалавеку, дзякуючы чаму кавярня можа працаваць даўжэй. Карацей, калі б мы не наймалі дадатковага працаўніка і я толькі сам стаяў за прылаўкам 13 гадзін на дзень, то прыбытак быў бы каля 8 тысяч злотых.
Напэўна, я мог бы пайсці ў наём і зарабляць тыя ж самыя грошы. Таму пакуль кавярню можна лічыць самазанятасцю і магчымасцю працаваць не на складзе ці ў офісе. Гэта прыемная праца, якая прыносіць задавальненне і трошкі грошай. А бізнесам гэта можна будзе лічыць, калі мы адкрыем яшчэ некалькі кропак. З самага пачатку я размаўляў з людзьмі, якія маюць досвед у гастраноміі, і яны мне казалі, што з адной кавярні нічога не заробіш. Зараз я і сам гэта пацвярджаю: трэба мець 2-3 кавяні, тады гэта будзе бізнес.
Ну і яшчэ ўласная кавярня — гэта тваё развіццё, цікавы досвед, новыя знаёмствы і стасункі з людзьмі. Гэта страшэнная інтрыга, што атрымаецца: ты заварыў такую кашу, і працэс не спыніць.
Гэта вельмі вялікая адказнасць. Бо мы адкрылі ня проста кавярню, а першую менавіта беларускую кавярню у Польшчы. Да нас гэтага чамусьці ніхто не рабіў. Я не разумею, чаму беларусы баяцца сваёй беларускасці, але мы па іншаму не маглі — мне падаецца, што дзіўна рукамі беларусаў рабіць грузінскую, армянскую, японскую ці польскую кавярню. Кожны павінен распаўсюджваць сваё.
Да мяне стаў прыходзіць пастаянны кліент — напалову албанец, напалову італьянец. І пытаўся, як яму рэстарацыю сваю адкрыць. Хацеў звычайную, але я падкінуў ідэю. Слухай, кажу, у Варшаве няма албанскага рэстарана. І ён загарэўся, зараз думае над тым, як прывезці сваіх сяброў-кухараў з Албаніі і гэта тут рэалізаваць.
Таму я ўпэўнены, што беларусы ня могуць зрабіць нічога лепшага за беларускае месца. На сёння да нас многія людзі прыходзяць проста пагаварыць, бо ў Варшаве няма другога такога месца, дзе ўсё па-беларуску, па нашаму. Так, ёсць бары, якія адкрылі беларусы, але гэта не заўсёды беларускамоўнае асяроддзе. А нашы кліенты, нават калі спачатку былі рускамоўнымі, праз нейкі час пачынаюць пераходзіць на беларускую мову — кажуць «прывітанне», «добры дзень», «калі ласка», «дзякуй». Я ня ведаю, што яны робяць па-за межамі нашай кавярні. Але я вельмі цешуся, што тут яны размаўляюць па-беларуску, і ім гэта падабаецца. Ну і я рады, што я да гэтага маю дачыненне.
Каля 50% нашых кліентаў— гэта палякі. Другая палова — беларусы, украінцы, казахі, грузіны, армяне.
Слова «беларуская» ў назве кавярні працуе вельмі класна, б’е прама ў сэрца. Бо ў Польшчы жыве шмат прыхільнікаў Беларусі. Людзі спачуваюць, перажываюць, многія маюць карані беларускія. На днях прыходзіў дзядуля, які дзяцінства правёў ў Драгічыне, а потым пераехаў у Польшчу. Зараз яму мо 80-90 гадоў, ён купіў нашыя пірагі і арэшкі са сгушчонкай і ўзгадаў, што еў такое ў дзяцінстве.
Прыходзіць вельмі шмат маладых палякаў, якія ездзілі ў Беларусь па бязвізу і маюць сяброў у Беларусі. Ёсць таксама катэгорыя людзей, якія нічога ня ведаюць пра Беларусь. Яны заходзяць да нас і шукаюць нешта экзатычнае. І я распавядаю, што тут трохі больш за 200 кіламетраў да мяжы, што ў нас супольная гісторыя і падобныя традыцыі, чаму вы чакаеце тут якога-небудзь аднавокага змея пабачыць? Людзі рэальна задумваюцца, пачынаюць узгадваць, што была Рэч Паспалітая, ВКЛ. Карацей, пра тое, пра што звычайны паляк ня будзе думаць кожны дзень. Многія ўзгадваюць сваіх продкаў: у кагосьці прадзед быў з-пад Ліды, у кагосьці з-пад Гародні.
Часам нават палякі-«лукашысты» заходзяць. Яны былі турыстамі ў Беларусі і бачылі шырокія дарогі, чыстыя тратуары, дарагія машыны і вясёлых людзей. І яны упэўнены, што ў нас там астравок стабільнасці. А я распавядаю пра палітвязняў. Пра тое, як пенсіянеры шукаюць таннейшую каўбасу, як міліціянты б’юць людзей і могуць без дакументаў уламіцца ў любое памяшканне, як дзяўчаты сядзяць «суткі» з бамжамі. І для адных гэта шок, а ў другіх усё адно ва ўсім вінаватая Амерыка. Але такіх людзей вельмі мала. Большасць усё-такі падтрымлівае беларусаў.
І гэтая падтрымка адчуваецца нават у тым, што палякі ня хочуць карыстацца зніжкамі. Кажуць, што будуць плаціць поўны кошт, бо вы малайцы, прыехалі, знайшлі сабе занятак, плаціце падаткі. Вельмі моцная салідарнасць — як боку палякаў, так з боку беларусаў, якія прыязджаюць, набываюць каву і нас падтрымліваюць.
Зараз мне хочацца чагосьці большага. У гэтых сценах для мяне ўжо нічога новага няма, ёсць жаданне займацца адкрыццём другой кавярні. Дзе можа прадаваць не толькі каву, а і іншыя напоі.
І кліенты гэта просяць. Многім далёка да нас ехаць, таму трэба нешта адкрываць на тым баку Віслы. Зараз спадзяюся, што буду мець на гэта больш часу, бо навучыўся арганізоўваць працэс працы кавярні з трошкі меншым сваім ўдзелам. Рукі свярбяць, трэба развівацца далей.